ЗША і Украіна ў чацвер падпісалі анлайн-ліст аб намерах заключыць пагадненне аб распрацоўцы Злучанымі Штатамі ўкраінскіх радовішчаў карысных выкапняў, паведаміла першы віцэ-прэм'ер і міністр эканомікі Украіны Юлія Свірыдзенка.
«Мы рады паведаміць аб падпісанні Мемарандума аб намерах з нашымі амерыканскімі партнёрамі, які адкрывае шлях да Пагаднення аб эканамічным партнёрстве і стварэнню Інвестыцыйнага фонду для аднаўлення Украіны», — напісала Свірыдзенка на платформе X.
Падрабязнасці мемарандума Свірыдзенка раскрываць не стала, паведаміўшы толькі, што праца над канчатковым тэкстам пагаднення працягваецца.
«Мы разлічваем, што Фонд стане эфектыўным інструментам прыцягнення інвестыцый для аднаўлення нашай краіны, мадэрнізацыі інфраструктуры, падтрымкі прадпрыемстваў і стварэння новых эканамічных магчымасцей», — падкрэсліла Свірыдзенка. Яна выказала надзею, што выніковы дакумент будзе «вельмі выгадны абодвум бакам».
Агенцтва AFP адзначае, што Кіеў і Вашынгтон планавалі падпісаць пагадненне па карысных выкапнях некалькі тыдняў таму, але гэта было адкладзена пасля лютаўскай сустрэчы Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага ў Белым доме.
Трамп лічыць, што пагадненне, якое дазволіць амерыканскім кампаніям атрымаць доступ да ўкраінскіх радовішчаў рэдказямельных металаў, павінна стаць своеасаблівай аплатай за дапамогу, аказаную Украіне падчас прэзідэнцтва Джо Байдэна.
Амерыканцы таксама лічаць, што прысутнасць амерыканскіх кампаній ва Украіне стане дадатковым фактарам стрымлівання Расіі ад далейшай агрэсіі пасля магчымага заключэння пагаднення аб спыненні агню.
Тым часам Кіеў патрабуе, каб любая будучая дамова аб спыненні вайны таксама ўтрымлівала канкрэтныя гарантыі бяспекі Украіны.
РАР/юл